Што адбываецца ў прыродзе?
код для вставкиШто адбываецца ў прыродзе? Сонцам краіна багата, Доўгія цёплыя дні, Водар акацыі, мяты, Спеў жаўрука ў вышыні. Хораша ў лузе і ў полі, Цешыць нябёсаў святло. Ажно здаецца: ніколі Злых халадоў не было. Травы буйныя і росы, Жытняе мора ў палях I дзьмухаўцоў зорны россып, Бы на зямлі Млечны Шлях. Летняга часу акраса – Процьма суніц у лясах. Ціха ўзнялася між красак Мілых званочкаў краса. Сонцам край родны сагрэты, Пчолы гудуць і чмялі. Запанавала ў нас лета. Чэрвень ідзе па зямлі! В. Жуковіч Чэрвень – месяц самых светлых сутак, час бурнай жыццядзейнасці траў і дрэў, птушак, насякомых, рыб. Блытае ў галінках дрэў лёгкі і лагодны вятрыска. Кружыць галаву мядовы пах кветак. Расцвілі сінявокія васількі. На ўзлесках і сенажацях, уздоўж дарог белымі галоўкамі ківаюць рамонкі, бачны снежныя гронкі крываўніку, жоўтыя вочкі малачаю, агеньчыкі смолак-гваздзічкоў і лугавой герані. Цвітуць агурочнік, верабейнік, падлеснік, ажына, дзевясіл, бярозка палявая, венерын чаравічак, жоўты гарлачык, зарніца. У падлесках і агародах зацвіла маліна, а на сонечных палянках з’явіліся першыя чырванабокія суніцы. У самым пачатку чэрвеня закрасавала рабіна. Вякамі рабіна лячыла і карміла чалавека, таму людзі і вырошчваюць гэтае дрэва каля свайго жытла. Па межах, уздоўж дарог, на лясных палянках расцвіла піжма, ці, як яе яшчэ называюць, дзікая рабінка. Красуюць сасна і дуб. Прыгажосць вакол! 3 раніцы да вечара дзумкаюць у кветках, збіраючы нектар, працавітыя пчолы і чмялі, звініць жаўтаватая аса. На палянках, узлесках, поплавах можна ўбачыць вельмі прыгожага матылька ў жоўта-чорным убранні з сіняватымі плямкамі на крыльцах. Завуць яго махаон. Сакочуць у густой траве конікіг кружаць над лугам кнігаўкі. Заліваецца жаваранак, весела шчабечуць хуткакрылыя ластаўкі, спяваюць галасістыя перапёлкі. Птушкі – вялікія сябры чалавека. Яны знішчаюць шкодных насякомых, разносяць насенне дрэў, раслін, спрыяючы росту маладых пасадак лесу, пашырэнню плошчы ягаднікаў. На спадзе чэрвеня ўсё цішэй і цішэй становіцца ў лесе. Змоўк салавей. Усё радзей чуецца зязюльчына “ку-ку”. Няма часу птушкам спяваць. Трэба садзіцца на гнёзды і выводзіць дзяцей. У чэрвені з’яўляюцца дзіцяняты ў соні арэшнікавай, гарнастая, выдры, у кажаноў, вожыкаў. Вечарамі рапухі скачуць па траве, нават вылазяць на сцяжынкі. Яны прыносяць вялікую карысць – знішчаюць безліч насякомых. Нягледзячы на доўгія дні і высокае сонца, чэрвень не самы спякотны месяц. У адрозненне ад капрызнага мая ён рэдка дазваляе сабе “свавольствы” ў выглядзе снегу, за- маразкаў, перападаў тэмператур, а вось ліўні, часам з навальніцамі і моцным ветрам, здараюцца часта. У сярэднім амаль праз дзень ідзе дождж. Неба шэрае, хмарнае, і дзень мала падобны на летні. Але як толькі скончыцца дождж, сплывуць хмары, паўзуць грэцца на сонейку розныя кузуркі, скаціна шалее ад аваднёў, мошак, мух, камароў. А дзе яны – там і стракозы. Цяжка нават уявіць, як многа развялося б на зямлі мух, камароў і аваднёў, калі б раптам стракозы зніклі. За адну толькі гадзіну страказа з’ядае каля сарака мух. Знішчыўшы адну страказу, чалавек, можна сказаць, “выпускае на волю” тысячы камароў і мушак.
1/--страниц